Версия для слабовидящих
Рус Бел Eng De Cn Es
Патрыятычна-асветніцкая акцыя “Вязынка-2012”
Філфак адзначыў 130-годдзе з дня нараджэння Купалы і Коласа, смакуючы “кашу ад рэктара” і забіваючы “пенальці дэкану”
 12 мая адбылося самае чаканае мерапрыемства для філалагічнага факультэта – патрыятычна-асветніцкая акцыя “Вязынка-2012”.
Традыцыя правядзення злётаў на радзіме Янкі Купалы была закладзена студэнтамі і выкладчыкамі філалагічнага факультэта яшчэ ў 1976 годзе. Акцыя адрадзілася на пачатку ХХІ стагоддзя і паступова набыла статус агульнаўніверсітэцкай. У гэтым годзе “Вязынка-2012” была прысвечана знакавай падзеі – 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. У мерапрыемстве прымалi ўдзел рэктар БДУ С.У.Абламейка, дэкан фiлалагiчнага факультэта I.С.Роўда, супрацоўнiкi i студэнты БДУ.
Свята складалася з 2-х частак. Першая – канцэрт, які распачалі ўдзельнікі хору “Gloria” Архікатэдральнага касцёла імя Найсвяцейшай Панны Марыі, таксама сваімі песнямі парадавалі гледачоў выпускніца філалагічнага факультэта Маргарыта Грудзінава, магістрантка Дар’я Залеская, студэнты Ключнік Наталля, Ковель Ганна, Уладзіслаў Чыжыкаў, Смалякова Юлія, Пагосава Юлія, навучэнка юрыдычнага каледжа Аляксандра Трушаль.
Янка Купала і Якуб Колас - сапраўдныя рыцары-змагары за нацыянальную беларускую ідэю, таму знакавым быў паказальны рыцарскі бой найстарэйшага рыцарскага клуба Беларусі “Ордэн Храма”. Відовішча не пакінула ні воднага гледача абыякавым. Святочны канцэрт завяршылі ўрачыстай пасадкай дубкоў у гонар Янкі Купалы і Якуба Коласа і ўскладаннем кветак да помніка Янку Купалу.
Другая частка свята – гара Парнас, дзе чакала смачная “Каша ад рэктара” і гарачая гарбата, “Пенальці дэкану і рэктару”, перацягванне каната, сярэднявечны цір (стральба з лукаў і арбалетаў) і шмат іншага. У кожнага свае Купала і Колас… Для ўсіх ўдзельнікаў патрыятычна-асветніцкай акцыі “Вязынка-2012” Купала і Колас – Песняры, Прарокі, якія сілай свайго паэтычнага таленту вызначаюць шляхі развіцця роднай мовы, літаратуры, культуры, фарміруюць нацыянальную свядомасць, увасабляюць нацыянальную ідэю.
Менавіта таму юбіляры здольныя, нават у дажджлівае надвор’е, сабраць у Вязынцы вялікую колькасць людзей, якія гатовыя гадзінамі цытаваць іх вершы, спяваць песні ў іх гонар, берагчы думкі аб іх і аддана пранесці цеплыню сустрэчы ў гарачых сэрцах да “Вязынкі-2013”!
 
Cтудэнтка 3 курса фiлалагiчнага факультэта Ганна Ковель
© Белорусский государственный университет
Адрес: пр. Независимости, 4, 220030, г. Минск, Республика Беларусь.
Тел. + 375 17 209 50 44. Факс. + 375 17 226 59 40. Url: .