Версія для людзей са слабым зрокам
Рус Бел Eng De Cn Es
Першы прарэктар
Першы прарэктар
Івашкевіч Алег Анатольевіч
Івашкевіч Алег Анатольевіч нарадзіўся 19 жніўня 1954 года ў г. Белая Царква (Украінская ССР) у сям'і ваеннаслужачага. У 1957 г. сям'я пераехала ў г.Навагрудак Гродзенскай вобл. БССР. У 1971 г. з адзнакай скончыў СШ № 4 г.Навагрудка. Быў неаднаразовым пераможцам раённых алімпіяд па розных прыродазнаўчанавуковых дысцыплінах і двухразовым пераможцам абласных алімпіяд па хіміі, удзельнікам Усесаюзных алімпіяд па хіміі ў г.Варонеж (1970 г.) і г.Мінск (1971 г.). У 1971 г. паступіў на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння БДУ ў 1976 г. працаваў малодшым, старшым, вядучым навуковым супрацоўнікам лабараторыі агульнай хіміі БДУ, а з 1989 г. – загадчыкам гэтай лабараторыі. У 1982 г. абараніў дысертацыю на суісканне вучонай ступені кандыдата хімічных навук. У 1994 г. прызначаны намеснікам дырэктара па навуковай рабоце Навукова-даследчага інстытута фізіка-хімічных праблем БДУ, а з 1997 г. па 2009 г. з'яўляўся дырэктарам НДІ ФХП БДУ. Пад кіраўніцтвам А.А.Івашкевіча інстытут тройчы (2005 год – 1-е месца, 2006 год – 2-е месца, 2007 год – 1-е месца) прызнаваўся пераможцам Рэспубліканскага спаборніцтва за дасягненне найлепшых вынікаў у выкананні асноўных мэтавых паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь сярод арганізацый навукі і навуковага абслугоўвання краіны і Указамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28.04.2006 № 279, ад 30 красавіка 2007 г. № 204 і ад 29 красавіка 2008 г. № 239 заносіўся на Рэспубліканскую дошку Гонару. У 1998 г. абараніў дысертацыю на суісканне вучонай ступені доктара хімічных навук. У 2004 г. выбраны членам-карэспандэнтам, а ў 2009 г. – акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 2009 г. па 2015 г. працаваў прарэктарам па навуковай рабоце БДУ. У 2009 г.  Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 чэрвеня № 322 узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. З 1 снежня 2015 г. прызначаны першым прарэктарам БДУ.

А.А.Івашкевіч з'яўляецца вядомым навукоўцам у галіне фізічнай хіміі працэсаў тэрмічнага разлажэння і гарэння кандэнсаваных сістэм, фізіка-хіміі азолаў, а таксама прыкладной квантавай хіміі. Сумесна з праф. П.М.Гапонікам распрацаваў простыя і эфектыўныя метады і тэхналогіі атрымання шэрагу тетразолзмяшчальных палімераў шляхам палімераналагічных пераўтварэнняў поліакрыланітрылу, на аснове якіх створана іх прамысловая вытворчасць. Сумесна з акадэмікам НАН Беларусі А.І.Лесніковічам вывучыў кінетыку і механізм тэрмічнага разлажэння тэтразолу і шэрагу яго вытворных, і шырокага колаа полівінілтэтразолаў з замяшчальнікамі рознай прыроды ў цыкле; распрацаваў новае пакаленне кампанентаў і рэцэптур кампазіцый для энергетычных прылаж, якія выкарыстоўваюцца ў спецыяльнай тэхніцы, а таксама выявіў і даследаваў новы від гарэння, які атрымаў назву вадкапалымянага гарэння. Распрацаваў новы напаўэмпірычны абменна-карэляцыйны функцыянал электроннай шчыльнасці, прызначаны для даследавання структуры і ўласцівасцей малых кластэраў пераходных металаў. З яго выкарыстаннем надзейна ўпершыню ідэнтыфікавана прасторавая структура шэрагу аніённых кластэраў срэбра, медзі і бінарных кластэраў срэбра-медзь. У апошнія гады пад кіраўніцтвам А.А.Івашкевіча выкананы цыкл даследаванняў, накіраваных на распрацоўку метадаў сінтэзу, даследаванне структуры, фізіка-хімічных уласцівасцей і біялагічнай актыўнасці комплексных злучэнняў біягенных металаў з азотазмяшчальнымі гетэрацыклічнымі ілігандамі і выяўлены шэраг злучэнняў, якія валодаюць высокай проціпухліннай актыўнасцю ў спалучэнні з адносна нізкай таксічнасцю.

Пад кіраўніцтвам А.А.Івашкевіча распрацавана тэхналогія атрымання метылавых эфіраў тлустых кіслот рапсавага алею (дызельнае біяпаліва) і змесевага дызельнага біяпаліва на іх аснове. У 2008-2009 г.г. у ААТ «Гродна Азот» і ААТ «Магілёўхімвалакно» уведзена ў прамысловую эксплуатацыю вытворчасць змесевага дызельнага біяпаліва з рапсавага алею сумарнай магутнасцю каля 1 млн.т. у год. У 2010 г. выраблена болей 720 тыс. т. змесевага дызельнага біяпаліва.

А.А.Івашкевіч – аўтар болей 420 асноўных навуковых работ, у тым ліку больш 200 артыкулаў, 96 з якіх апублікаваны ў англамоўных выданнях з высокім імпакт-фактарам, а таксама 44 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў і навучальнага дапаможніка «Прыкладная квантавая хімія» з грыфам Міністэрства адукацыі для студэнтаў хімічных і фізічных спецыяльнасцей ВНУ. Падрыхтаваў 2-х дактароў і 5 кандыдатаў хімічных навук. 
© Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт