Версія для людзей са слабым зрокам
Рус Бел Eng De Cn Es
Навукова-даследчая ўстанова "Інстытут прыкладных фізічных праблем імя А.Н. Сеўчанкі" БДУ


Навукова-даследчая ўстанова «Інстытут прыкладных фізічных праблем імя А.Н. Сеўчанкі» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта

Колькасць супрацоўнікаў – 205
навуковых работнікаў – 101
дактароў навук – 28,
кандыдатаў навук – 13

Навуковыя падраздзяленні: 5 аддзелаў, 18 лабараторый 

1. Аддзел оптыкі:
1. Лабараторыя фізіка-хіміі палімерных матэрыялаў і прыродных арганічных злучэнняў;
2. Лабараторыя оптыкі кандэнсаваных асяроддзяў;
3. Лабараторыя спектраскапіі;
4. Лабараторыя тэхнічнай дыягностыкі.

2. Аддзел радыёфізікі:
5. Лабараторыя лазернай плазмадынамікі;
6. Лабараторыя радыёгалаграфіі;
7. Лабараторыя прыкладной электрадынамікі.

3. Аддзел фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў:
8. Лабараторыя эліёнікі;
9. Лабараторыя аптычных уласцівасцей паўправаднікоў;
10. Лабараторыя апрацоўкі і перадачы інфармацыі.

4. Аддзел інфарматыкі:
11. Лабараторыя спецыялізаваных вылічальных сістэм;
12. Лабараторыя інфармацыйна-вымяральных сістэм;
13. Лабараторыя інфармацыйных тэхналогій;
14. Лабараторыя паўправадніковай электронікі.

5. Аддзел аэракасмічных даследаванняў:
15. Лабараторыя дыстанцыйнай фотаметрыі
16. Лабараторыя оптыка-электронных сістэм
17. Лабараторыя оптыка-фізічных вымярэнняў.

6. Сумесная лабараторыя Самсунг- НДІПФП імя А.Н. Сеўчанкі БДУ 

 

Адрас:

НДІПФП імя А.Н. Сеўчанкі БДУ, вул. Курчатава 7, 220108 г. Мінск, Рэспубліка Беларусь; Тэл. +37517 212 -49- 06; Факс +37517 278 -04 -17 
 
Е-mail: niipfp@bsu.by

Сайт: www.niipfp.bsu.by
                                                                                                                                                                    

Гістарычная даведка

Навукова-даследчая ўстанова «Інстытут прыкладных фізічных праблем імя А.Н. Сеўчанкі» БДУ была арганізавана на падставе загада Савета Міністраў БССР №43 ад 1 сакавіка 1971 г.

Інстытут з'яўляецца базай БДУ для выканання навукова-даследчых работ, падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі навукова-педагагічных кадраў у галіне фізікі, радыёфізікі, матэматыкі, інфарматыкі, навуковага прыборабудавання, аэракасмічных даследаванняў, акустыкі, электронікі і хімічнай тэхналогіі.

Навуковыя даследаванні, навукова-тэхнічныя, вопытна-канструктарскія і тэхналагічныя распрацоўкі праводзяцца супрацоўнікамі 18 лабараторый, аб'яднаных па тэматыцы ў 5 аддзелаў.

Арганізатарамі і першымі кіраўнікамі інстытута былі вядомыя беларускія навукоўцы – акадэмік АН БССР, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, пасля першы дырэктар інстытута А.Н.Сеўчанка і акадэмік АН БССР, прарэктар па навуковай рабоце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Л.В. Валадзько.

З 1979 па 2009 г.г. дырэктарам інстытута быў акадэмік НАН Беларусі А.Ф. Чарняўскі, які зрабіў вялікі ўнёсак у развіццё інстытута.

За 40 гадоў работы інстытута супрацоўнікі абаранілі больш за 40 доктарскіх і 240 кандыдацкіх дысертацый, атрымалі больш за 1300 аўтарскіх пасведчанняў на вынаходніцтвы і патэнтаў, апублікавалі 110 манаграфій, даведнікаў, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, болей чым 14000 артыкулаў.

На рахунку супрацоўнікаў інстытута – Дзяржаўная прэмія СССР 1991 г., Дзяржаўныя прэміі БССР 1974, 1983 і 1986 гг., Дзяржаўныя прэміі Рэспублікі Беларусь 1992, 1994 і 1998 гг., прэмія Савета Міністраў СССР 1984 г., прэмія Савета Міністраў БССР 1990г. і прэмія Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 1991г., 3 прэміі ЛКСМБ.

Асноўныя напрамкі навуковай дзейнасці НДІ ПФП:

Асноўныя напрамкі навуковых даследаванняў:
• Спектраскапія і люмінесцэнцыя кандэнсаваных і газавых асяроддзяў, уключаючы плазму. Распрацоўка новых прынцыпаў стварэння спектральнай апаратуры і дыягнастычных метадаў.
• Даследаванне распаўсюджвання ультрагукавых і электрамагнітных хваль у слаістых неаднародных асяроддзях.
• Даследаванне ўздзеяння ядзерных і магутных электрамагнітных выпраменьванняў на структуру і ўласцівасці паўправаднікоў, металаў і іншых матэрыялаў электронікі і машынабудавання. Даследаванні па ўзаемадзеянні іонаў з цвёрдымі целамі. Даследаванні і распрацоўка новых элементаў рэнтгенаўскай оптыкі.
• Распрацоўка інфармацыйных тэхналогій, інфармацыйна-аналітычных, геаінфармацыйных і інтэлектуальных кіруючых сістэм, аэракасмічныя даследаванні.

У інстытуце створаны і працуюць наступныя буйныя навуковыя школы: у галіне оптыкі, спектраскапіі і люмінесцэнцыі; фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў; радыёфізікі і інфарматыкі; аэракасмічных даследаванняў.

Найважнейшыя навуковыя дасягненні НДІПФП:

У галіне оптыкі, спектраскапіі і люмінесцэнцыі распрацаваны метады і сродкі спектральна-структурнага аналізу розных рэчываў, матэрыялаў і плазмы, на падставе якіх выкананы мэтанакіраваны сінтэз новых неарганічных і арганічных злучэнняў (вадкакрышталічныя матэрыялы для прылад адлюстроўвання інфармацыі і кіравання, актыўныя і пасіўныя лазерныя асяроддзі, аптычныя асяроддзі для запісу інфармацыі, негатыўныя і пазітыўныя фотарэзістары, матэрыялы колеракадзіравання і колураперадачы інфармацыі, пажаравыбухабяспечныя цеплаізаляцыйныя палімерныя матэрыялы, лекавыя прэпараты радыёпратэктарнага дзеяння, індыкатары для аналізу біялагічных вадкасцей чалавека, фарбавальнікі для анкатэрапіі і інш.). Створаны метады і прыборы экспрэс-дыягностыкі канцэнтрацыі, тэмпературы і хуткасці газавых плыняў, пылавых і дымавых выкідаў; вызначэння ўтрымання цяжкіх металаў у розных асяроддзях; дыстанцыйнай фотаметрыі для рашэння экалагічных праблем; вызначэння ўтрымання радону ў паветры, якія валодаюць сусветнай навізной, адпавядаюць Міжнародным правілам і дзяржаўным стандартам, валодаюць высокай метралагічнай надзейнасцю. Наладжаны серыйны выпуск такіх прыбораў.

У галіне фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў распрацавана тэорыя і створаны метады іонна-прамянёвага легіравання паўправаднікоў, металаў і іншых матэрыялаў. Створана сістэма скразнога камп'ютэрнага мадэлявання тэхналогій мікра- і нанаэлектронікі. Даследаваны працэсы дэефектаўтварэння ў крышталях крэмнію, арсеніду галію і фасфіду індыю. Распрацаваны прынцыпы кіравання антыкаразійнымі і каталітычнымі ўласцівасцямі матэрыялаў, новыя метады атрымання звышцвёрдых і зносаўстойлівых матэрыялаў, новыя тэхналогіі стварэння вырабаў электроннай тэхнікі з дапамогай іонных пучкоў. Упершыню ў свеце прапанаваны і рэалізаваны спосабы кіравання пучкамі рэнтгенаўскіх і гама-квантаў, створаны элементы і сістэмы оптыкі жорсткіх квантаў. Распрацаваны новыя элементы праламляльнай рэнтгенаўскай оптыкі, аптычныя ўласцівасці якіх былі даследаваны на 8 сінхратронах у ЗША, Японіі, Германіі, Кітаі, Францыі, Расіі. Распрацаваны тэхналагічныя працэсы вырошчвання буйных сінтэтычных алмазаў інструментальнага і прыборнага прызначэння. Створаны новыя вырабы на аснове прыродных і сінтэтычных алмазаў для выкарыстання ў машынабудаванні і электроннай тэхніцы.

У галіне радыёфізікі і інфарматыкі на падставе вывучэння ўзаемадзеяння ЗВЧ выпраменьвання з дыэлектрычнымі матэрыяламі распрацаваны новыя метады аналізу фізічных уласцівасцей і параметраў даследуемых аб'ектаў, што дазволіла стварыць радыёгалаграфічныя тэхнічныя сродкі для бескантактавага вымярэння вільготнасці, масы, шчыльнасці, таўшчыні і іншых характарыстык дыэлектрычных матэрыялаў. Вывучаны працэсы ўтварэння плазменных плыняў пры ўздзеянні на металы і іншыя матэрыялы магутных лазерных імпульсаў рознай энергіі і працягласці. Распрацаваны метады і створаны прыборы для выяўлення ачагоў узгарання лясных пажараў у інфрачырвоным дыяпазоне спектра па іх уласным цеплавым выпраменьванні на фоне падсцілаючай паверхні і прыродных утварэнняў. На аснове распрацаваных і вырабленых у інстытуце ўніверсальных сонечных азонаметраў уведзена ў дзеянне першая нацыянальная азонаметрычная станцыя. У выніку даследавання тэмпературнай залежнасці спектраў уранілавых злучэнняў распрацавана серыя люмінесцэнтных некантактных тэрмадатчыкаў крыягенных тэмператур і створана ўстаноўка для іх каліброўкі. Спраектаваны, створаны і ўкаранёны ў народную гаспадарку і вучэбны працэс новыя пазіцыйна-мадулярныя вымяральна-вылічальныя сродкі рознага прызначэння; сістэмы вызначэння характарыстык плазменных плыняў у рэальным маштабе часу; сістэмы тэхналагічнага кантролю вырабаў электроннай і оптавалаконнай тэхнікі і іншыя. На падставе вывучэння распаўсюджвання ультрагуку ў асяроддзях, якія рухаюцца, створаны ўльтрагукавыя расхадамеры вадкасці і газу высокай дакладнасці, наладжаны іх серыйны выпуск. Для аснашчэння геалагічных партый рэспублікі сучаснымі пошукавымі сродкамі з характарыстыкамі, якія адпавядаюць лепшым сусветным узорам, распрацаваны і створаны 960-канальны камп’ютэрызаваны тэлеметрычны комплекс сейсмаразведкі, які забяспечвае павышэнне эфектыўнасці пошуку нафты, газу і іншых карысных выкапняў. Для рашэння задач клінічнай дазіметрыі распрацаваны і створаны вымяральны комплекс аператыўнага маніторынгу дозных размеркаванняў пучкоў рэнтгенаўскага і электроннага выпраменьванняў у паветраным і водным асяроддзях.

Пералік прадукцыі, якая вырабляецца:

• Аўтаматызаваныя залівачна-змешвальныя ўстаноўкі, прызначаныя для вытворчасці вырабаў з пенаполіўрэтану.
• Аўтаматычныя дыстанцыйныя інфрачырвона-тэлевізійныя выяўляльнікі, прызначаныя для аўтаматычнага выяўлення і рэгістрацыі ачагоў узгаранняў ландшафтных пажараў і стварэння аўтаматызаваных сістэм пажарнага маніторынгу тэрыторый.
• Аўтаматызаваныя сістэмы радыяцыйнага і метралагічнага маніторынгу.
• Аўтаматычныя мікрахвалевыя комплексы кантролю шчыльнасці, вільготнасці і зольнасці папяровага палатна.
• Палявыя спектрарадыёметры высокага распазнавання, прызначаныя для палявой аператыўнай дыягностыкі стану сельскагаспадарчай і лясной расліннасці ў спектральным дыяпазоне 350 – 2500 нм.
• Тэхналагічная аснастка (станкі, тэхналагічныя комплексы) па шліфоўцы і паліроўцы алмазных падкладак, прызначаная для вырабу алмазных падкладак і цеплаадводаў для вырабаў электронікі.
• Апараты нізкачастотнай ультрагукавой тэрапіі, прызначаныя для правядзення ультрагукавой тэрапіі ў нізкачастотным дыяпазоне (дыяпазон частот ад 20 да 100 кгц).
• Ультрагукавыя вымяральнікі расходу вадкасці і газу.
• Многаканальныя тэлеметрычныя сейсмаразведачныя комплексы геафізічнай апаратуры, прызначаныя для пошуку радовішчаў нафты, газу і іншых карысных выкапняў.
• Сейсмаакустычныя сістэмы назірання, прызначаныя для схаванага дыстанцыйнага кантролю перамяшчэння людзей, жывёльных і транспартных сродкаў у зоне ахоўваемага аб'екта або рубяжа.
• Спецыялізаваныя оптавалаконныя і лазерныя сістэмы для апрацоўкі і перадачы інфармацыі, уключаючы валаконна-аптычныя лініі сувязі.
• Вырабы з пенаполіўрэтану для цеплавой ізаляцыі цеплаправодаў і канструкцый.
• Вадкакрышталічныя матэрыялы і вырабы на іх аснове.
• Прыборы актыўнай і пасіўнай электронікі на алмазе (падкладкі, цеплаадводы, УФ-пераўтваральнікі, ЗВЧ-транзістары, аптычныя вокны).
• Вырабы на на аснове сінтэтычных алмазаў.
• прылады рэнтгенаўскай оптыкі.

Пералік аказваемых паслуг:

• Правядзенне даследаванняў з выкарыстаннем паскаральніка іонаў;
• Правядзенне даследаванняў з выкарыстаннем растравага і сканіруючага электронных мікраскопаў;
• Фотаметрычная каліброўка і атэстацыя розных оптыка-спектральных сістэм;
• Атэстацыя і паверка пірометраў і піраметрычных пераўтваральнікаў поўнага і частковага выпраменьвання;
• Правядзенне вымярэнняў оптыка-спектральных характарыстык розных матэрыялаў;
• Нанясенне алмазападобных плёнак на металічныя і дыэлектрычныя матэрыялы.

Дырэктар
Кучынскі Пётр Васільевіч, Доктар фізіка-матэматычных навук
тэл.: 2124816
адрас: вул. Курчатава, 7, к. 211
Прыёмная
Шантыр Снежана Міхайлаўна
тэл.: 2124906
адрас: вул. Курчатава, 7, к. 211
Намеснік дырэктары па навуцы
Дудчык Юрый Іванавіч, кандыдат фізіка-матэматычных навук
тэл.: 2785116, 240116
адрас: вул. Курчатава, 7, к. 517
Галоўны бухгалтар
Глушанко Людміла Пятроўна
тэл.: 212-19-33
адрас: вул. Курчатава, 7, к. 210
Вучоны сакратар
Папечыц Уладзімір Іванавіч, доктар фізіка-матэматычных навук
тэл.: 212-50-00
адрас: вул. Курчатава, 7, к. 207
Намеснік дырэктара па эканоміцы і фінансах
Процька Таццяна Рыгораўна
тэл.: 2125635
адрас: вул. Курчатава, 7, к. 218
Намеснік. дырэктары па вытворча-гаспадарчай дзейнасці
Атоса Уладзімір Іванавіч
тэл.: 2125544
адрас: вул. Курчатава, 7, к. 328
© Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт
Пры капіяванні матэрыялаў спасылка на сайт абавязковая. Ўсе правы абаронены.