Рус Бел Eng De Cn Es
Гісторыя БДУ

КАРОТКАЯ ГІСТОРЫЯ БДУ

Камітэтам Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь 25 лютага 1919 г. Арганізацыйныя работы, аднак, зацягнуліся ў сувязі з часовай акупацыяй Мінска польскімі войскамі. Афіцыйнае адкрыццё БДУ адбылося 30 кастрычніка 1921 г. Першым рэктарам БДУ стаў выдатны гісторык-славіст Уладзімір Іванавіч Пічэта.
Прафесарска-выкладчыцкі склад галоўным чынам быў сфарміраваны кадрамі Маскоўскага, Казанскага і Кіеўскага ўніверсітэтаў. Першымі прафесарамі ўніверсітэта Дзяржаўны вучоны савет прызначыў: В.Г.Кнорына (палітэканомія), У.М. Іваноўскага (філасофія і педагогіка), І.М.Салаўёва (педагогіка), Д.П.Канчалоўскага, У.М.Перцава, М.М. Нікольскага, У.І.Пічэту, Д.А. Жарынава, С.З. Кацэнбогена, Ф.Ф.Турука, А.А.Савіча (гісторыя), М.А.Янчука (этнаграфія), С.Я. Вальфсона, В.В.Якуніна (эканоміка), Я.Я. Святлоўскага (статыстыка), М.М.Андрэева (фізіка), Б.М. Беркенгейма (хімія), М.Б.Краля (медыцына), П.І.Карузіна (анатомія), А.У. Фядзюшына (заалогія) і інш.
1 лістапада 1921 г. на трох факультэтах – рабочым, медыцынскім і грамадскіх навук пачаліся рэгулярныя заняткі для 1390 студэнтаў. У першым вучэбным годзе іх навучалі 49 выкладчыкаў, з якіх 14 прафесараў, 25 дацэнтаў і 10 асістэнтаў.
У 1922 г. быў утвораны педагагічны факультэт, які вылучыўся са складу факультэта грамадскіх навук. У 1925 г. адбыўся першы выпуск маладых спецыялістаў. У кастрычніку 1927 г. была адкрыта аспірантура. У 1930 г. было скончана будаўніцтва ўніверсітэцкага гарадка, які прыняў першых студэнтаў.
У сярэдзіне 1920-х гг. ва ўніверсітэце было створана навуковае аб’яднанне. Да 1930 г. выйшла 25 выпускаў навуковых “Прац Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта”, а таксама шэраг манаграфій яго навукоўцаў. Характэрнай рысай развіцця навукі ў БДУ, было ўключэнне ў агульны еўрапейскі і сусветны кантэкст. Былі наладжаны навуковыя кантакты навукоўцаў універсітэта з калегамі з Польшчы, Чэхаславакіі, Літвы, Германіі, Францыі, Англіі, ЗША і нават Японіі.
З пачатку 1930-х гг. як для ўніверсітэта, так і для краіны ў цэлым пачаўся складаны і супярэчлівы перыяд. БДУ былі змушаны пакінуць шматлікія вядомыя прафесары, дацэнты і выкладчыкі. Некаторыя з іх былі арыштаваны, у тым ліку і першы рэктар БДУ У.І. Пічета. Гэтая ж доля напаткала і двух наступных кіраўнікоў універсітэта – Я.П. Каранеўскага (1929-1931) і І.Ф. Ермакова (1931-1933).
У маі 1931 г. Калегія Наркамасветы БССР прыняла пастанову аб стварэнні на базе БДУ пяці самастойных інстытутаў. ЦВК і СНК БССР канстатавалі, што за 10 гадоў свайго існавання Белдзяржуніверсітэт стаў базай для стварэння 12-ці ВНУ і шэрагу НДІ рэспублікі.
Нягледзячы на складанасці гэтага гістарычнага перыяду, менавіта ў гэтыя гады канчаткова склалася яго факультэцкая структура. У БДУ функцыянуюць біялагічны, хімічны, фізіка-матэматычны, гістарычны, геаграфічны, філалагічны факультэты.
Напярэдадні 20-гадовага юбілею БДУ складаўся з 6 факультэтаў і 33 кафедраў, на якіх працавалі 17 прафесараў, 41 дацэнт, больш за 90 выкладчыкаў і асістэнтаў. У аспірантуры займалася 60 чалавек, на ўсіх факультэтах навучалася 1337 студэнтаў. Працавалі розныя вучэбна-дапаможныя падраздзяленні: музеі, біястанцыі, лабараторыі, фундаментальная бібліятэка, аранжарэя і інш. За 20 гадоў працы ўніверсітэт падрыхтаваў 5240 гісторыкаў, юрыстаў, эканамістаў, філолагаў, матэматыкаў, хімікаў, біёлагаў, географаў. У розныя гады БДУ скончылі вядомыя беларускія пісьменнікі (Пятро Глебка, Кандрат Крапіва, Пятрусь Броўка і інш.). Тут выкладалі народны пісьменнік Беларусі Якуб Колас, будучы маршал Савецкага Саюза Г.К. Жукаў.
Юбілейны 20-ы год дзейнасці БДУ стаў годам самага суровага для яго выпрабавання. 21 чэрвеня 1941 г. адкрылася юбілейная навуковая сесія, была разгорнутая святочная выстава. А на наступны дзень пачалася Вялікая Айчынная вайна. Больш за 450 выкладчыкаў і студэнтаў БДУ былі закліканы ў рэгулярнае войска, народнае апалчэнне, сталі партызанамі і падпольшчыкамі. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт быў зачынены, а яго асноўныя фонды эвакуяваны. 15 мая 1943 г. Саўнаркам СССР прыняў пастанову “Пра аднаўленне працы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта”. Месца для яго было вызначана недалёка ад Масквы на станцыі Сходня. Маскоўскі ўніверсітэт разам з іншымі ВНУ сталіцы перадаў вялікую колькасць вучэбнага і навуковага абсталявання, падручнікаў і наглядных дапаможнікаў, 18 тысяч тамоў навуковай літаратуры. У кастрычніку 1943 г. да заняткаў прыступілі каля 300 чалавек, з імі працавалі каля 40 выкладчыкаў.
У ліпені 1944 г. першая група беларускіх студэнтаў вярнулася ў Мінск, а ўжо ўвосень пачаліся рэгулярныя заняткі. У 1945–1946 навучальным годзе з 895 студэнтаў 121 былі дэмабілізаваны з войска, 76 з’яўляліся ўдзельнікамі партызанскага руху. Праз год ва ўніверсітэце навучаліся звыш 300 былых франтавікоў і партызан. У 1975 г. у памяць пра тых, хто з універсітэцкіх аўдыторый і навуковых лабараторый сышоў у неўміручасць, аддаўшы сваё жыццё за Радзіму, быў усталяваны абеліск у самым ажыўленым месцы ўніверсітэцкага гарадка – побач з уваходам у галоўны корпус універсітэта. Важнай момантам у развіцці БДУ стала прызнанне яго заслуг на ніве асветы і навукі і прысваенне ў азнаменаванне 30-годдзя Беларускай ССР у студзені 1949 г. імя У.І.Леніна.
Даваенная вучэбна-навуковая і вытворчая база ўніверсітэта галоўным чынам аднавілася да 1950 г. У 1957 г. на 7 яго факультэтах (у 1944 г. быў адкрыты факультэт журналістыкі) налічвалася 43 кафедры, на якіх працавала 339 супрацоўнікаў, з якіх 29 прафесараў і дактароў навук, 160 дацэнтаў, 150 выкладчыкаў і асістэнтаў.
У 1957 г. рэктарам універсітэта стаў выдатны навукоўца-фізік Антон Нічыпаравіч Сеўчанка, з імём якога звязана цэлая эпоха грандыёзных пераўтварэнняў у гісторыі БДУ.
У межах СССР універсітэт уяўляў сабой найбуйнейшы навукова-адукацыйны цэнтр. БДУ быў узнагароджаны высокімі ўрадавымі ўзнагародамі – ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1967), Ганаровымі граматамі і інш.
Паслядоўна змянялася структура ўніверсітэта – адкрыліся новыя факультэты: юрыдычны, механіка-матэматычны (у 1975 г. у сувязі з пачаткам падрыхтоўкі кадраў па спецыяльнасці «Механіка» матэматычны факультэт быў пераназваны ў механіка-матэматычны), фізічны, прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, радыёфізікі і электронікі, філасофска-эканамічны факультэт. У 1976 г. у мэтах паляпшэння падрыхтоўкі спецыялістаў фізічны факультэт быў падзелены на фізічны і на факультэт радыёфізікі і электронікі.
Навуковая думка сканцэнтравалася ў НДІ: прыкладных фізічных праблем (адкрыццё ў 1971 г.), фізіка-хімічных праблем (1978), ядзерных праблем (1986), дырэктарам апошняга стаў вядомы навукоўца прафесар У.Р.Барышэўскі.
1 верасня 1989 г. быў адкрыты філасофска-эканамічны факультэт.
Пры падтрымцы дзяржавы з другой паловы 1990-х гг. БДУ значна ўмацаваў сваю матэрыяльна-тэхнічную базу, абнавіў асноўныя фонды, правёў рэарганізацыю вучэбна-адукацыйнага працэсу і навуковай сферы, стварыў развітую інфраструктуру.
У 1995 г. быў утвораны факультэт міжнародных адносін.
Ва ўніверсітэцкім дворыку быў створаны першы ў краіне своеасаблівы нацыянальны мемарыял – помнікі вядомым дзеячам беларускай навукі і культуры.
Навуковая і навукова-вытворчая база БДУ значна пашырылася за кошт стварэння шэрагу нацыянальных навукова-даследчых цэнтраў: фізікі часціц і высокіх энергій (1993); маніторынгу азонасферы (1997); прыкладных праблем матэматыкі і інфарматыкі (2000), праблем чалавека (2000), а таксама сеткі навукова-вытворчых унітарных прадпрыемстваў.
У 1999 г. на базе філасофска-эканамічнага факультэта БДУ былі ўтвораны факультэт філасофіі і сацыяльных навук і эканамічны факультэт. У 2003 г. на базе ваеннай кафедры БДУ створаны ваенны факультэт.
У 2004 г. адкрыўся гуманітарны факультэт.
У апошні час пабудаваны: будынак біялагічнага факультэта, вучэбны корпус для Інстытута журналістыкі, факультэта філасофіі і сацыяльных навук і тэлецэнтра. У хуткім часе плануецца ўвядзенне ў эксплуатацыю новага вучэбнага корпуса на Прывакзальнай плошчы.
Акрамя згаданых вышэй кіраўнікоў рэктарамі БДУ ў розныя гады з'яўляліся: А.І. Дзякаў (1934–1935), Н.М.Бладыка (1937), У.С.Бабраўніцкі (1938), П.П.Савіцкі (1938–1946), У.А.Тамашевіч (1946–1949), І.С.Чымбург (1949–1952), К.І.Лукашоў (1952–1957), А.Н.Сеўчанка (1957–1972), У.М.Сікорскі (1972–1978), У.А.Белы (1978–1983), Л.І.Кісялеўскі (1983–1990), Ф.М.Капуцкі (1990–1995), А.У. Казулін (1996–2003), В.І. Стражаў (2003–2008).
31 кастрычніка 2008 г. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі новым рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прызначаны прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі Сяргей Абламейка.