Рус Бел Eng De Cn Es
Рэктар
Рэктар
Кароль Андрэй Дзмiтрыевiч

Кароль Андрэй Дзмітрыевіч нарадзіўся ў 1972 годзе ў г. Гродна.

Адукацыя:

У 1995 годзе скончыў інжынерны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы па спецыяльнасці "Радыёфізіка і электроніка".

Звесткі пра абароны дысертацый:

У 2002 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю, а ў 2009 годзе дысертацыю ў Расійскай акадэміі адукацыі на суісканне навуковай ступені доктара педагагічных навук. У 2010 годзе прысвоена навуковая ступень ВАК Расіі і праведзена настрыфікацыя дыплома доктара педагагічных навук ВАК Беларусі.

Кар'ера:

1999–2000 гг. – выкладаў на кафедры фізіка-матэматычных дысцыплін і эканамічнай інфарматыкі гродзенскага філіяла Інстытута сучасных ведаў.

З 2000 года пачынаецца працоўная дзейнасць у Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Тут А. Д. Кароль прайшоў шлях ад старшага выкладчыка да кіраўніка аддзела адукацыйных інфармацыйных тэхналогій і навукова-медыцынскай інфармацыі і загадчыка кафедры псіхалогіі і педагогікі.

 2010–2013 гг. – чытаў лекцыі ў Мінскай духоўнай акадэміі (г. п. Жыровічы). З верасня 2012 года па люты 2013 года А. Д. Кароль узначальваў кафедру педагогікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. З 1 сакавіка 2013 года па 28 верасня 2017 года – рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. 28 верасня 2017 года ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Д. Кароль прызначаны рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

 Навуковыя інтарэсы:

А. Д. Кароль з'яўляецца аўтарытэтным навукоўцам у галіне педагогікі. Аўтар сістэмы эўрыстычнага навучання на аснове дыялогу. Інавацыйная дыдактычная сістэма навучання дазваляе пераадолець маналагічнасць існуючай адукацыі і забяспечыць пераход на якасна новы ўзровень падрыхтоўкі навучэнцаў. А. Д. Кароль зрабіў істотны ўнёсак у тэорыю праектавання адукацыйных стандартаў, навучальных планаў, праграм, падручнікаў і метадычнай літаратуры сярэдняй і вышэйшай школ. Аўтар больш чым 170 навучальна-метадычных і навуковых прац, у тым ліку 10 манаграфій, 27 навучальных і навучальна-метадычных дапаможнікаў (3 – на англійскай мове, уключаючы поўны курс лекцый па медыцынскай і біялагічнай фізіцы), 12 навукова-папулярных кніг. Аўтар і кіраўнік больш чым 20 дыстанцыйных курсаў, навукова-практычных семінараў, распрацоўшчык каля 3000 адкрытых заданняў для міжнародных дыстанцыйных эўрыстычных алімпіяд.

З'яўляецца пастаянным аўтарам прац у навуковых выданнях з высокім імпакт-індэксам, навуковых часопісаў "Педагогіка", "Пытанні філасофіі", "Пачатковая школа", "Школьныя тэхналогіі", "Народная адукацыя". Вёў уласную аўтарскую рубрыку ў часопісе "Народная асвета". З 2016 года член экспертнага савета ВАК Беларусі па педагагічных і псіхалагічных навуках. З'яўляўся намеснікам старшыні аргкамітэта ўсерасійскіх конкурсаў "Дыстанцыйны настаўнік года", "Дыстанцыйная школа года", "Дыстанцыйная педагагічная практыка", усерасійскіх вучнёўскіх дыстанцыйных канферэнцый, членам рэдакцыйнай калегіі зборнікаў навуковых прац лабараторыі метадалогіі і тэорыі зместа адукацыі УРАА "Інстытут зместу і метадаў навучання" (Масква), выданняў навуковай школы чалавекаадпаведнай адукацыі. Паводле дадзеных навуковай электроннай бібліятэкі Elibrary.ru А. Д. Кароль з'яўляецца лідарам індэксу навуковага цытавання ў Беларусі ў галіне "Народная адукацыя. Педагогіка" па спецыяльнасці "Агульная педагогіка, гісторыя педагогікі і адукацыі". У адпаведнасці з базай дадзеных Google Scholar (Акадэміі Google) А. Д. Кароль уваходзіць у пяцёрку найбольш цытаваных навукоўцаў БДУ ў галіне гуманітарных навук. H-індэкс цытавання прац А. Д. Караля раўняецца 12, а i10-індэкс (колькасць артыкулаў аўтара, якія атрымалі не менш за 10 спасылак кожная) – 14.

Членства ў грамадскіх аб'яднаннях, супрацоўніцтва з дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі:

Старшыня міжнароднага рэдакцыйнага савета часопіса "Веснік Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы" і рэдакцыйнага савета серыі кніг "Класічнае ўніверсітэцкае выданне", член рэдакцыйнай калегіі часопіса "Народная асвета" і міжнароднага рэдакцыйнага савета серыі "Думка і слова" Інстытута філасофіі РАН. З'яўляецца намеснікам галоўнага рэдактара навукова-метадычнага і публіцыстычнага часопіса "Вышэйшая школа".

А. Д. Кароль з'яўляўся дэпутатам Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў дваццаць сёмага склікання, старшынёй пастаяннай камісіі па мандатах, законнасці, мясцовым кіраванні і самакіраванні.

Узнагароды, званні, калі і кім прысвоены:

Узнагароджаны трыма граматамі Расійскай акадэміі адукацыі, "Медалём Сакрата", Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (2011 г.), ганаровай граматай Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў (2013 г.), ганаровай граматай Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта (2015 г.), ганаровай граматай Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў (2015 г.), ганаровай граматай Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў (2017 г.), граматай Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь (2018 г.). Уладальнік стыпендыі Прэзідэнта РБ таленавітым маладым навукоўцам 2012 года. У 2014 годзе абвешчана Падзяка міністра адукацыі Беларусі. У 2016 годзе абвешчана Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У 2017 годзе абвешчана падзяка Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь. У 2017 годзе ўзнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства адукацыі "Выдатнiк адукацыi".