У газеце "Універсітэт" БДУ запрацавала тэхналогія дапоўненай рэальнасці

У газеце "Універсітэт" Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта запрацавала тэхналогія дапоўненай рэальнасці. Абноўлены мультымедыйны фармат мае першы нумар газеты за 2017 год. Гэта выданне ўтрымлівае публікацыі, якія дзякуючы новай тэхналогіі "ажыўляюць" газетную паласу, робячы яе больш інфарматыўнай і запамінальнай.
Пры навядзенні камеры смартфона ці планшэта на артыкул з адмысловым малюнкам на экране пачынаецца прайграванне дадатковага кантэнту - відэа, фота, анімаваных малюнкаў, 3D-графікі і інш.
Дадзеная тэхналогія рэалізавана пры дапамозе мабільнага прыкладання Aurasma, якое можна бясплатна запампаваць у PlayMarket (для Android) і AppStore (для iPhone). Падпісаўшыся на канал #bsuby, чытач атрымлівае магчымасць з дапамогай смартфона прайграць тэматычны відэасюжэт, які суправаджае газетную публікацыю.
Даведацца пра тое, як працуе дадзеная тэхналогія, можна з анімаванага роліка на YouTube-канале БДУ.
Функцыі дапоўненай рэальнасці значна пашыраюць межы друкаваных сродкаў масавай інфармацыі. Лічыцца, што ў газет і сайтаў розныя аўдыторыі, якія амаль не перасякаюцца, а дадзеная тэхналогія дазваляе сумясціць інтарэсы розных катэгорый чытачоў.
Даведка.
Газета "Універсітэт" - адно з найстарэйшых перыядычных выданняў Беларусі. Выдаецца з 1929 года, узнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, неаднаразова адзначалася на розных конкурсах прэсы. Пераможца V Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ "Залатая літара" ў намінацыі "Найлепшая шматтыражная газета" (2009 г.), міжнароднага конкурсу выданняў "Універсітэцкая кніга" ў Казані (РФ) у намінацыі "Найлепшая ўніверсітэцкая газета" (2014 г.), лаўрэат зімовай школы журналістыкі ў намінацыі "Найлепшае інтэрнэт-выданне" (2016 г.). Акрамя таго, у 2014 г. за шматгадовую плённую дзейнасць газета "Універсітэт" узнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства інфармацыі Беларусі. Выданне рэгулярна ўдзельнічае ў выставе "СМІ ў Беларусі".