XIII Міжнародная навуковая канферэнцыя "Міжкультурная камунікацыя і прафесійна арыентаванае навучанне замежным мовам" пройдзе 30 кастрычніка ў БДУ (вул. Ленінградская, 20, аўд. 1201). Пачатак у 10.00. Удзельнікамі падзеі стануць каля 130 выкладчыкаў, маладых навукоўцаў і спецыялістаў па праблемах міжкультурнай камунікацыі з Беларусі, Германіі, Даніі, Расіі і Украіны.
З вітальным словам да гасцей звернецца дэкан
факультэта міжнародных адносін Віктар Шадурскі. Працягне мерапрыемства пленарнае пасяджэнне. Тут Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі выступіць з дакладам пра асноўныя этапы станаўлення адносін паміж Польшчай і Беларуссю.
Праца канферэнцыі пройдзе ў сямі секцыях. Эксперты абмяркуюць актуальныя праблемы міжкультурнай камунікацыі, лінгвістыкі і методыкі выкладання замежных моў, падзеляцца вынікамі даследаванняў інавацыйных, кагнітыўных і эўрыстычных падыходаў да прафесійнай моўнай падрыхтоўкі студэнтаў-міжнароднікаў, разгледзяць пытанні тэорыі і практыкі перакладу.
Таксама ў рамках канферэнцыі адбудуцца два круглыя сталы: "Інавацыйныя і кагнітыўныя тэхналогіі ў прафесійнай моўнай падрыхтоўцы студэнтаў-міжнароднікаў" і "Формы і метады актывізацыі навучальнай дзейнасці і іх уплыў на фарміраванне матывацыі ў кантэксце моўнай падрыхтоўкі будучага спецыяліста". Акцэнт будзе зроблены на раскрыццё ролі інавацыйных тэхналогій у аптымізацыі навучання мовам і ўдасканаленні навучальнага працэсу.
Арганізатарам мерапрыемства выступае факультэт міжнародных адносін БДУ.
З праграмай можна азнаёміцца
тут.
Дадатковая інфармацыя па тэл.: (+375) 17 2095758 (Таццяна Сяргееўна Карацюк).