Цэнтр даследаванняў міру створаны ў БДУ. Адпаведную дамову падпісалі прарэктар па вучэбнай рабоце і адукацыйных інавацыях ВНУ Вольга Чупрыс і генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТКК) Вольга Мычко. Дзейнасць цэнтра будзе накіравана на распаўсюджанне ідэй мірнага суіснавання, узаемапавагі і паразумення, а таксама далучэнне моладзі да сацыяльных праектаў міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца.
Унікальны праект арыентаваны на ўзмацненне выкладання міжнароднага гуманітарнага права ў БДУ, падрыхтоўку студэнтаў і маладых навукоўцаў у дадзенай галіне, арганізацыю сумесных даследаванняў і навукова-практычных мерапрыемстваў. На базе цэнтра будзе працаваць клуб вывучэння міжнароднага гуманітарнага права і права бяспекі для студэнтаў факультэта міжнародных адносін і юрыдычнага факультэта. Акрамя таго, запланаваны розныя конкурсы для школьнікаў і студэнтаў па праблематыцы падтрымання міру і бяспекі.
Першым мерапрыемствам цэнтра стане круглы стол, прысвечаны 70-годдзю Жэнеўскіх канвенцый аб абароне ахвяр узброеных канфліктаў. У абмеркаванні прымуць удзел прадстаўнікі дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь і вядучыя навукоўцы краіны ў галіне міжнароднага права. У рамках дзвюх секцый спецыялісты выступяць з дакладамі і вынікамі даследаванняў на тэму сучасных тэндэнцый развіцця міжнароднага гуманітарнага права, найноўшых выклікаў і пагроз у галіне бяспекі, выкарыстання клімату і інфармацыйных тэхналогій у якасці сродкаў і метадаў вядзення вайны і інш.
Адзначым, што гэта першы падобны праект у сістэме вышэйшай адукацыі Беларусі. Узаемадзеянне БТКК і БДУ дазволіць наладзіць сувязь навукі і практыкі ў галіне міжнароднага гуманітарнага права, а таксама будзе спрыяць набыццю неабходных прафесійных кампетэнцый студэнтамі.




