БДУ ў два разы палепшыў сваю пазіцыю ў амерыканскім рэйтынгу BestGlobalUniversities (BGU) і з'яўляецца адзінай айчыннай ВНУ, уключанай у дадзеную базу. Чарговы выпуск апублікаваны 23 кастрычніка. Паводле яе вынікаў БДУ размясціўся на 346 радку, падняўшыся на 351 пазіцыю ў параўнанні з леташнім паказчыкам. Сярод еўрапейскіх ВНУ БДУ займае 153 месца. Таксама вядучая беларуская ВНУ ўключана ў прадметныя рэйтынгі па фізіцы і хіміі, дзе ёй адведзены 129 і 553 пазіцыі адпаведна.Усяго BGU ацэньвае 1500 універсітэтаў з 81 краіны, што складае каля 5 % ад усіх існых 30 000 ВНУ свету.
Сярод краін СНД БДУ займае 2 месца, саступіўшы толькі МДУ імя М. В. Ламаносава (266). Адносна ўніверсітэтаў суседніх краін беларуская ВНУ з'яўляецца пятай пасля МДУ, Варшаўскага ўніверсітэта (286), Універсітэта Тарту (322) і Ягелонскага ўніверсітэта (343).
Узначалілі рэйтынг традыцыйна амерыканскія ВНУ – Гарвардскі ўніверсітэт, Масачусецкі інстытут тэхналогій і Стэнфардскі ўніверсітэт.
Неабходнай умовай уключэння ў рэйтынг з'яўляецца наяўнасць больш чым 1500 публікацый у навукаметрычнай базе дадзеных Web of Science за пяць гадоў. У бягучым выпуску прааналізаваны звескі за 2013–2017 гады. Рэзкі рывок БДУ стаў магчымым дзякуючы павелічэнню колькасці артыкулаў навукоўцаў БДУ, апублікаваных у міжнародных навуковых часопісах Web of Science. Гэта лічба на дадзены момант роўная 3049 дакументам, што значна апярэджвае вынікі іншых беларускіх ВНУ. З прадстаўленай колькасці прац 123 патрапілі ў 1 % найлепшых артыкулаў свету па колькасці цытавання. Дарэчы, трэцяя частка ўсіх беларускіх публікацый, уключаных у Web of Science, належыць навукоўцам БДУ.
Амерыканскі рэйтынг BestGlobalUniversities складаецца на працягу 30 гадоў медыякампаніяй U.S. News&WorldReport. Да 2014 года ранжыраваліся толькі амерыканскія ВНУ. Пасля кампанія пашырыла геаграфію ўніверсітэтаў. На дадзены момант міжнародны глабальны рэйтынг уключае таксама 28 прадметных і 5 рэгіянальных пералікаў.
Нагадаем, усяго існуе больш за 20 разнастайных глабальных рэйтынгаў. БДУ ўдзельнічае ў рэйтынгах 12 агенцтваў. Дарэчы, у чэрвеньскай версіі QS БДУ размясціўся на 351 пазіцыі, што адпавядае ўваходжанню ў 1,5 % найлепшых універсітэтаў свету.