Каля 20 распрацовак прадставіць БДУ на выставе "Высокія тэхналогіі, робататэхніка, мехатроніка і стартапы". Пройдзе мерапрыемства з 3 па 4 кастрычніка ў рамках II Форуму рэгіёнаў Украіны і Беларусі ў г. Жытомір (Украіна).
У экспазіцыю вядучай беларускай ВНУ ўвойдуць навацыі ў галіне прыборабудавання, сістэмы кіравання вытворчасцю і аўтаматызацыі тэхналагічных працэсаў, а таксама новыя рэчывы і матэрыялы для розных галін прамысловасці, фармацэўтыкі, аэракасмічных тэхналогій.
Сярод распрацовак БДУ мабільны прамысловы комплекс па вытворчасці высокаэфектыўнага сарбенту "Пенапурм". Самастойны перасоўны завод з аўтаномнай сістэмай абслугоўвання дазваляе вырабляць у палявых умовах сарбент "Пенапурм" на аснове газанапоўненага палімера (пенаполіўрэтан). Дадзены матэрыял выкарыстоўваецца для збору вадкіх нафтапрадуктаў і арганічных рэчываў пры ліквідацыі аварыйных разліваў, ачыстцы водных акваторый, грунту, адстойнікаў, ліўневых сцёкавых вод.
Таксама наведнікі выставы пазнаёмяцца з мадыфікаваным шматфункцыянальным вымяральным комплексам Alma Meter -2. Гэта новае пакаленне вымяральнага абсталявання з найлепшымі тэхнічнымі, метралагічнымі і функцыянальнымі характарыстыкамі. Комплекс прымяняецца ў галіне радыёэлектронікі, машынабудавання, энергетыкі, транспарту, авіяматорабудавання, станкабудавання. Прызначаны для даследавання і генерацыі электрычных сігналаў у шырокіх часавых, амплітудных і частотных дыяпазонах, рэгістрацыі сігналаў ад розных вымяральных датчыкаў. У ліку экспанатаў БДУ прадстаўлены таксама макет нанаспадарожніка BSUSat-1 – першага ўніверсітэцкага спадарожніка ў сістэме беларускай адукацыі, паспяхова выведзенага на арбіту летась. Апарат валодае ўсімі характарыстыкамі вялікіх універсальных спадарожнікаў. З нанаспадарожнікам усталявана і падтрымліваецца ўстойлівая сувязь, і ён актыўна выкарыстоўваецца ў навуковых і адукацыйных мэтах ВНУ.
У лік распрацовак увайшоў таксама дызайнерскі праграмуемы экран LED Squares Board. У наш час экран функцыянуе на
факультэце радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій БДУ ў якасці інфармацыйнага стэнда з дыстанцыйным кіраваннем. Тэхналогія можа прымяняцца для стварэння рэкламных відэавывесак, бягучых радкоў, электронных гадзін, інфармацыйных табло, святлодыёдных лагатыпаў, столевага і насценнага асвятлення.
Форум рэгіёнаў Украіны і Беларусі з'яўляецца маштабнай падзеяй, накіраванай на развіццё адносін паміж дзвюма краінамі, наладжванне і ўмацаванне супрацоўніцтва. Першы форум прайшоў у кастрычніку мінулага года ў Гомелі.