Этнолагі БДУ выявілі на Гродзеншчыне рарытэтнае Евангелле ўзростам каля 300 гадоў. Кніга знойдзена падчас этнаграфічнай практыкі студэнтаў
гістарычнага факультэта.
Уладальнікам кнігі з'яўляецца старажыл Зэльвенскага раёна Аляксандр Калюта. Біблія, якая змяшчае легендарныя аповеды пра жыццё і вучэнне Хрыста, перадаецца ў сям'і як рэліквія ад бацькі да сына на працягу больш як пяці пакаленняў. Па словах уладальніка выдання, узрост кнігі можа дасягаць 300 гадоў. Сапраўдная вокладка не захавалася. Усталяваць дакладны ўзрост старадрукаванага Евангелля яшчэ трэба навукоўцам гістарычнага факультэта БДУ. Яны таксама вызначаць унікальнасць асобніка.
Звычайна падобныя выданні можна сустрэць у фондах музеяў, цэрквах, прыватных калекцыях. Таму такая знаходка сярод мясцовых жыхароў можа стаць каштоўным артэфактам. Так, у 2016 годзе ў рамках этнаграфічнай практыкі студэнтаў гістарычнага факультэта БДУ быў выяўлены абраз Святой вялікапакутніцы Варвары, датаваны 2-й паловай 19 стагоддзя. Абраз належаў жыхарцы Барысаўскага раёна, якая і перадала яе ўдзельнікам экспедыцыі. Гісторыкамі была праведзена атрыбуцыя, пасля чаго абраз папоўніў фонд Нацыянальнага гістарычнага музея.
Сёлета этнаграфічныя даследаванні навучэнцаў БДУ прайшлі ў дзесяці населеных пунктах Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці. Усяго на працягу трох тыдняў было апытана больш за 60 пажылых людзей. Такія экспедыцыі праводзяцца з мэтай фіксавання маўленчых асаблівасцяў карэнных жыхароў, выяўлення мясцовых асаблівасцяў, вывучэння традыцый і абрадаў, знаходжання новых гістарычных крыніц. Усе атрыманыя матэрыялы апрацоўваюцца і публікуюцца для далейшага выкарыстання фалькларыстамі і лінгвістамі.
Праца вялася пад кіраўніцтвам супрацоўнікаў кафедры этналогіі, музеалогіі і гісторыі мастацтваў гістарычнага факультэта: загадчыка кафедры Тадэвуша Навагродскага, дацэнтаў Ірыны Алюнінай і Ірыны Бачылы.

