Упершыню VII Міжнародны турнір юных прыродазнаўцаў (IYNT) пройдзе з 19 па 23 жніўня ў БДУ (вул. Ульянаўская, 8). Пачатак у 10.00. У інтэлектуальным першынстве прыме ўдзел 21 каманда школьнікаў ва ўзросце 12-16 гадоў з 11 краін: Беларусі, Балгарыі, Грэцыі, Грузіі, Казахстана, Кітая, Новай Зеландыі, Расіі, Румыніі, Харватыі і Швейцарыі.
Беларусь прадставяць навучэнцы
Ліцэя БДУ Дар'я Сініца, Ганна Муліца, Лізавета Андрончык, Паліна Макрусева, а таксама Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Анастасія Касцян і сталічнай гімназіі № 27 Маргарыта Крэнць. Адзначым, ліцэісты БДУ штогод бяруць удзел у IYNT і ў розны час займалі першае, другое і двойчы трэцяе месцы.
Падрыхтоўку каманды ажыццяўляюць трэцякурсніца
факультэта радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій БДУ Соф'я Анісімава і выкладчык
біялагічнага факультэта ВНУ Вольга Угначова.
Турнір прадугледжвае рашэнне складаных задач па фізіцы, хіміі, біялогіі і сумежных дысцыплінах, удзел у навуковых дыскусіях. Напрыклад, юным навукоўцам трэба будзе прапанаваць спосабы гукаізаляцыі пакояў, высветліць, як соль уздзейнічае на ўрадлівасць глеб, назваць фактары, якія ўплываюць на бачны памер Месяца, прадказаць максімальныя вышыні гор на розных нябесных целах і інш. Змаганне ўключае эксперыментальны тур. Школьнікі атрымаюць заданні і абсталяванне, на якім на працягу гадзіны паставяць эксперымент і вырашаць адпаведную задачу. Усе выпрабаванні выконваюцца на англійскай мове.
Ацэніць працы і выступленні каманд экспертная камісія, у склад якой увойдуць выкладчыкі з ВНУ краін-удзельніц, а таксама супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Міжнародны турнір юных прыродазнаўцаў праводзіцца з 2013 года. Накіраваны ён на рашэнне міждысцыплінарных праблем у галіне прыродазнаўчых навук, развіццё крытычнага мыслення, навыкаў каманднай даследчай працы.
Летась змаганне праводзілася ў Тбілісі (Грузія).
Мерапрыемства адбудзецца пры падтрымцы фонду "Навука вакол нас". Фінал і цырымонія зачынення Міжнароднага турніру юных прыродазнаўцаў пройдзе 23 жніўня.
Дадатковая інфармацыя па тэл.: (+375) 29 388 86 44 (кіраўнік выканаўчага камітэта Вольга Сакалоўская) і на сайце мерапрыемства.