Народная харавая капэла БДУ атрымала гран-пры міжнароднага конкурсу Mūsų dainose. Фэст самадзейных хароў прайшоў 2 чэрвеня ў літоўскім горадзе Вевіс.
У рамках конкурсу былі вызначаны пераможцы ў чатырох намінацыях: "Жаночыя хары", "Мужчынскія хары", "Змяшаныя хары", "Сіньёры" (удзельнікі трэцяга ўзросту). Усяго сваю творчасць прадэманстравалі 20 калектываў з розных гарадоў Літвы. Беларусь прадставіў толькі калектыў БДУ. У Літве народная харавая капэла беларускай ВНУ выступіла з кампазіцыямі Станіслава Манюшкі, а таксама выканала "Ангела вопияше" Міхаіла Вярбіцкага, "Таполю" Вольгі Мінянковай.
Даведка.
Народная харавая капэла заснавана ў 1946 годзе. У 1959 годзе хору прысуджана званне "народны". Удзельнікамі калектыву з'яўляюцца студэнты, выпускнікі і аспіранты БДУ і іншых вышэйшых навучальных устаноў.
Хор выступае ў Беларусі і за яе межамі. Калектыў вядомы ў Польшчы, Германіі, Аўстрыі, Украіне, Расіі і інш. З'яўляецца ўдзельнікам міжнародных харавых фэстаў "Ювентус", "Гаўдэамус", "Масты песні" і інш.
З 2005 г. народная харавая капэла БДУ з'яўляецца адным з заснавальнікаў і арганізатараў міжнароднага форуму студэнцкіх хароў "Папараць-кветка БДУ".
Рэпертуар капэлы складаюць класічныя творы сярэднявечча, беларускіх, рускіх і замежных кампазітараў.
Мастацкія кіраўнікі і дырыжоры – Вольга і Аляксандр Мінянковы.


