Прыярытэтныя кірункі супрацоўніцтва абмеркавалі кіраўнікі БДУ і Універсітэта Цінхуа (КНР). Усталяванне партнёрскіх адносін стала ключавой тэмай візіту кітайскай дэлегацыі на чале з віцэ-прэзідэнтам Ян Бінь у БДУ. У перамовах прынялі ўдзел рэктар БДУ
Андрэй Кароль, першы прарэктар акадэмік
Алег Івашкевіч, прарэктар па вучэбнай рабоце і інтэрнацыяналізацыі адукацыі
Канстанцін Казадаеў і начальнік
упраўлення міжнародных сувязяў Аляксандр Жук.
Наведванне вядучай ВНУ Беларусі прадстаўнікамі Універсітэта Цінхуа адбылося ўпершыню. У сувязі з гэтым гасцям прадставілі дэталёвую інфармацыю пра адукацыйную, навукова-тэхнічную дзейнасць БДУ, яго структуру, спецыяльнасці, пазіцыі ў міжнародных рэйтынгах і супрацоўніцтва з замежнымі ўстановамі. Адмысловая ўвага была нададзена інавацыйнаму складніку БДУ. Дасягненні ўніверсітэта ў касмічнай, ядзернай, хімічнай галінах кітайскім калегам прадэманстравалі па выніках працы
НДІ фізіка-хімічных праблем,
прыкладных фізічных праблем імя А. Н. Сеўчанкі, ядзерных праблем. У прыватнасці, кітайскае прадстаўніцтва зацікавілі даследаванні ў галіне графену, высокіх энергій, рабатызацыі і харчовай прамысловасці.
Прадметна бакі разгледзелі прыярытэтныя кірункі супрацоўніцтва ў галіне адукацыі. У дадзеным пытанні акцэнт быў зроблены на падрыхтоўку аспірантаў і магістрантаў па праграмах прыродазнаўчанавуковага профілю. Адной з ініцыятыў стала сумесная падрыхтоўка студэнтаў на другой ступені па праграме "1+1". У ліку перспектыўнага ўзаемадзеяння таксама былі вызначаны сумесныя навуковыя даследаванні ў сферы "цвёрдых" тэхналогій і арганізацыя на базе БДУ летніх школ для кітайскіх навучэнцаў.
Кітайскаму боку кіраўніцтва БДУ перадало праект мемарандума аб паразуменні і свае прапановы пра супрацоўніцтва.
Наведванне БДУ адбылося ў рамках афіцыйнага візіту кітайскага ўніверсітэта ў Беларусь з мэтай развіцця супрацоўніцтва з беларускімі ВНУ. Праграма ўключае сустрэчу прадстаўнікоў Універсітэта Цінхуа з міністрам адукацыі Беларусі, наведванне Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку "Вялікі камень" і шэрагу сталічных універсітэтаў.
Даведка.
Універсітэт Цінхуа заснаваны ў 1911 годзе. З'яўляецца найбуйнейшым і адной з прэстыжных вышэйшых навучальным устаноў у КНР. Размешчаны на паўночным захадзе Пекіна. Сваю сучасную назву атрымаў у 1914 годзе.
Сёння ў Цінхуа праходзяць навучанне каля 47 тысяч студэнтаў, з іх каля 3000 – замежнікі. У структуру ўніверсітэта ўваходзяць 20 інстытутаў і 58 факультэтаў.
Паводле рэйтынгу QS Універсітэт Цінхуа размешчаны на 17 месцы ў свеце. Рэгулярна займае першае месца ў Нацыянальным рэйтынгу ўніверсітэтаў КНР.




