Версія для людзей са слабым зрокам
Рус Бел Eng De Cn Es
Клюня Уладзімір Леанідавіч
Клюня Уладзімір Леанідавіч
Загадчык кафедры
Клюня Уладзімір Леанідавіч
Біяграфія

Нарадзіўся 24 мая 1953 г. у весцы Вялікія Якентаны Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці ў сям’і служачых.

У 1975 г. скончыў гістарычны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Я. Купалы, а ў 1979 г. – аспірантуру Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “Палітычная эканомія”. У 1981 г. абараніў дысертацыю на суісканне вучонай ступені кандыдата эканамічных навук, а ў 2000 – на суісканне вучонай ступені доктара эканамічных навук. У 2001 годзе яму прысвоена вучонае званне прафесара па спецыяльнасці “Эканоміка”.

Кола навуковых інтарэсаў У.Л. Клюні шырокае і разнастайнае: тэорыя і метадалогія эканамічных даследаванняў, трансфармацыя эканамічнай сістэмы ва ўмовах глабалізацыі сусветнай эканомікі, забеспячэнне збалансаванасці рынку працы і рынку адукацыйных паслуг, стратэгія развіцця нацыянальнай інавацыйнай сістэмы, сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні ў аграрным сектары эканомікі.

Прафесар Клюня У.Л. з'яўляецца адным з вядучых навукоўцаў універсітэта і Беларусі ў галіне сацыяльна-гуманітарных навук, арганізатарам і лідэрам навуковай школы ў галіне тэорыі і метадалогіі эканамічнай навукі, якая вядомая не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі.

Ён аўтар каля 200 навуковых прац, у тым ліку 8 манаграфій. Прафесар Клюня У.Л. з'яўляецца распрацоўшчыкам некалькіх тэмаў дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм. Ім падрыхтаваны 12 кандыдатаў эканамічных навук.

Клюня У.Л. праводзіць вялікую працу па развіцці і ўдасканальванні сістэмы сацыяльна-гуманітарнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь. З 1991 г. ён паспяхова кіруе кафедрай эканамічнай тэорыі, якая з'яўляецца найбуйнейшым у БДУ калектывам, які ажыццяўляе прафесійную падрыхтоўку ў сферы эканамічных ведаў сярод студэнтаў, аспірантаў, дактарантаў. Ён неаднаразова выступаў з лекцыямі ва ўніверсітэтах розных краін свету, прымаў удзел у міжнародных акадэмічных праграмах і праектах. Пад яго кіраўніцтвам і пры асабістым удзеле падрыхтавана серыя вучэбных і вучэбна-метадычных выданняў па эканамічнай тэорыі, у якіх выкарыстаны найноўшыя адукацыйныя тэхналогіі і метады выкладання сацыяльна-гуманітарных дысцыплін.

Прафесар Клюня У.Л. выконвае значную навукова-арганізацыйную работу, з'яўляючыся членам рэдкалегіі шэрагу навуковых часопісаў.

У.Л. Клюня прымае актыўны ўдзел у распрацоўцы нацыянальнай канцэпцыі сацыяльна-гуманітарнай адукацыі Беларусі. З'яўляецца старшынёй ВМА па гуманітарнай адукацыі, членам вучэбна-метадычнага аб'яднання па эканамічнай тэорыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, членам навукова-метадычнай секцыі эканамічных дысцыплін Цэнтра вучэбна-метадычнай кнігі і сродкаў навучання Міністэрства адукацыі, старшынёй праблемнага савета па эканамічнай тэорыі (эканамічных навуках). З 2001 г. узначальвае спецыялізаваны савет па абароне дысертацый пры Беларускім дзяржаўным універсітэце.

Прафесар Клюня У.Л. за вялікі асабісты ўклад у станаўленне і развіццё сістэмы вышэйшай адукацыі, навуковых даследаванняў і падрыхтоўкі спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі, а таксама пашырэнне міжнародных сувязей, узнагароджаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь».

© Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт
Пры капіяванні матэрыялаў спасылка на сайт абавязковая. Ўсе правы абаронены.