Рус Бел Eng De Cn Es
БДУ ў сусветных рэйтынгах

З 2008 года БДУ пачаў работу па актыўным пазіцыянаванні сябе ў сусветнай сістэме вышэйшай адукацыі, прымаючы ўдзел ў папулярных і аўтарытэтных рэйтынгах. Для нашага ўніверсітэта гэтая праца стала адным з важных накірункаў стратэгічнага развіцця, які дазваляе эфектыўна ўключыць універсітэт у міжнароднае адукацыйнае асяроддзе, узгадніць адукацыйныя і навукова-даследчыя працэсы ўніверсітэта з міжнароднымі правіламі і стандартамі ў сферы адукацыі і іх узаемадзеяння з хутка зменлівымі рынкамі адукацыі і працы. Удзел БДУ ў працэсах рэйтынгавання разглядаецца як адзін з метадаў мадэрнізацыі і аптымізацыі адукацыйнай, навуковай і кіраўнічай палітыкі ўніверсітэта.

Варта звярнуць увагу, што большасць аўтарытэтных глабальных рэйтынгаў акцэнтуюць ацэньванне на ўзроўні навукова-даследчай дзейнасці ВНУ, гэта значыць патрабаванне ўключэння даследчай актыўнасці ў глабальную англамоўную навуковую сетку абмену інфармацыяй, адкрытасці і даступнасці інфармацыйнай прасторы ВНУ. Задачы, над якімі ўніверсітэт цяпер працуе: павялічыць якасць зыходных даных, зрабіць іх больш даступнымі для навуковаметрычных сістэм, кансалідаваць інфармацыйную прастору ўніверсітэта на аснове агульных правілаў размяшчэння і кіравання адукацыйнай, навуковай і маркетынгавай інфармацыяй.

 QS
 
(2011 год)

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт паводле рэйтынгу вядомага брытанскага агенцтва QS (QS World University Rankings 2011/12, - www.topuniversities.com), які праводзіўся з 2004 г., у 2011 г. упершыню ўвайшоў у ТОП-700 лепшых універсітэтаў свету і знаходзіцца ў групе ВНУ, якія займаюць 501–550 пазіцыі.

Сярод ВНУ СНД БДУ ў гэтым рэйтынгу займае 9-ю пазіцыю, на гэтай жа пазіцыі ён знаходзіцца і сярод ВНУ Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Узначальвае рэйтынг Кембрыджскі ўніверсітэт, МДУ імя М.В. Ламаносава займае 112 пазіцыю, Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт – 251, Новасібірскі – 400. Варшаўскі ўніверсітэт дзеліць 401–450, Вільнюскі – 551–600 пазіцыі.

Рэйтынг QS засноўваецца на аналізе даных пра ВНУ і апытаннях экспертаў, якія ацэньваюць вышэйшыя навучальныя ўстановы па наступных паказчыках: акадэмічная рэпутацыя; рэпутацыя сярод працадаўцаў; індэкс цытавання навуковых прац за апошнія 5 гадоў; суадносіны ліку выкладчыкаў і студэнтаў; колькасць замежных студэнтаў і супрацоўнікаў.

Адным з найважнейшых крытэраяў пры вызначэнні рэйтынгу з’яўляецца акадэмічная рэпутацыя. Гэты паказчык займае 40% усёй ацэнкі і паказвае, наколькі прафесары ўніверсітэта вядомыя сусветнай акадэмічнай супольнасці па сумесным удзеле ў даследчых праектах, канферэнцыях, публікацыях у міжнародных навуковых выданнях і г.д. Другому крытэрыю – рэпутацыі сярод працадаўцаў адводзіцца 10%, індэксу цытавання – 20%, крытэрыю суадносін колькасці выкладчыкаў і студэнтаў адводзіцца таксама 20%, апошнім двум паказчыкам – па 5%.

Webometrics Ranking of World Universities
(2011 год)

У ліпені 2011 гада Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт падняўся на 266 пунктаў і заняў 1208-ю пазіцыю з 12006 у Сусветным вебаметрычным рэйтынгу ўніверсітэтаў («Webometrics Ranking of World Universities» - www.webometrics.info). Гэты рэйтынг складаецца з 2004 г. іспанскай даследчай групай «Laboratorio de Internet» два разы на год – у студзені і ліпені. Выніковы рэйтынг разлічваецца як сярэднеўзважанае 4 паказчыкаў: «бачнасць», «памер», «спецыяльныя файлы» і «навуковыя публікацыі». Напрыклад, па паказчыку «навуковыя публікацыі» БДУ займае ў рэйтынгу высокую 529 пазіцыю.

За апошнія тры гады рэйтынг БДУ ўвесь час расце. Так, у ліпені 2009 г. універсітэт займаў 1916 пазіцыю, у студзені 2010 – 1732, у ліпені 2010 г. – 1476, у студзені бягучага года падняўся яшчэ на дзве пазіцыі, а ўжо ў ліпені 2011 гада, пераадолеўшы 266 прыступакаў, дасягнуў 1208 пазіцыі.

Дынаміка рэйтынгу БДУ ў Сусветным вебаметрычным рэйтынгу ўніверсітэтаў.

ліпень 2008
1772
студзень 2009
1786
ліпень 2009
1916
студзень 2010
1732
ліпень 2010
1476
студзень 2011
1474
ліпень 2011
1208

У гэтым рэйтынгу Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт апярэдзіў усе айчынныя ВНУ, украінскія, а з расійскіх – прапусціў наперад толькі 9: МДУ, Казанскі, Санкт-Пецярбургскі, Новасібірскі, Томскі, Уральскі, МФТІ, Томскі політэхнічны ўніверсітэт і Вышэйшую школу эканомікі.

Пяцёрка ж сусветных лідараў выглядае так: 1 пазіцыя – Масачусецкі тэхналагічны інстытут; 2 – Гарвардскі ўніверсітэт; 3 – Стэнфардскі ўніверсітэт; 4 – Універсітэт Корнэла і 5 месца – Каліфарнійскі ўніверсітэт (Берклі).

URAР 
(2011 год)

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт патрапіў у TОР-2000 ВНУ свету, які складаецца навукова-даследчай лабараторыяй URAР (Рэйтынг ВНУ па акадэмічных параметрах), і заняў сёлета 1180-ю пазіцыю. БДУ адзіны з айчынных ВНУ патрапіў у гэты рэйтынг. З краін СНД у рэйтынгу таксама ўдзельнічаюць ВНУ Расіі (16 ВНУ), Украіны (3), Арменіі (1) і Азербайджана (1). У сукупным рэйтынгу гэтых краін БДУ займае 4 пазіцыю, саступаючы толькі МДУ (134 пазіцыя), Санкт-Пецярбургскаму (489) і Новасібірскаму (1083) дзяржаўным універсітэтам.

Навукова-даследчая лабараторыя рэйтынгу ВНУ па акадэмічных параметрах (URAP - www.urapcenter.org) была створана ў Інстытуце інфарматыкі Блізкаўсходняга тэхнічнага ўніверсітэта (г. Анкара, Турцыя) у 2009 годзе. Асноўнай мэтай URAP з’яўляецца распрацоўка сістэмы ранжыравання для ВНУ свету на аснове акадэмічных параметраў. Міждысцыплінарная каманда URAP выкарыстоўвае сучасныя метады інтэлектуальнага аналізу даных, бібліяметрычны і навуковаметрычны аналіз.

Рэйтынг URAP TOP 2000 ВНУ свету засноўваецца на 6 акадэмічных паказчыках. Публікацыі складаюць аснову рэйтынгу, пры гэтым колькасць і якасць публікацый, а таксама ўзровень міжнароднага супрацоўніцтва выкарыстоўваюцца ў якасці індыкатараў. Паказчыкі, крыніцы даных і перыяд даследавання сумаваны ў табліцы:

Паказчыкі
Апісанне
Перыяд
Колькасць артыкулаў
Бягучая навуковая прадукцыйнасць
2009
Вынікі Google Scholar
Навуковая прадукцыйнасць у перыяд
2005-2009
Індэкс цытавання
Стабільнасць навукова-даследчага узроўня
2009
Агульны імпакт-фактар
Навуковы ўзровень
2005-2009
H-індекс
Якасць даследаванняў
2005-2009
Міжнароднае супрацоўніцтва
Міжнароднае прызнанне
2005-2009

РэйтАР
(2008 год)

У 2008 году БДУ ўдзельнічаў у «Новым глабальным рэйтынгу сусветных універсітэтаў», які складала незалежнае рэйтынгавае агенцтва РэйтАР, і які ахопліваў 500 універсітэтаў свету. На аснове аналізу БДУ па 8-мі базавых крытэрыях (узроўні арганізацыі вучэбнай работы, даследчай работы, прафесійнай кампетэнтнасці прафесарска-выкладчыцкага складу, забяспечанасці рэсурсамі, сацыяльна значнай дзейнасці выпускнікоў, міжнароднай дзейнасці і меркаванні экспертаў пра ўніверсітэт) наш універсітэт падзяліў 272–273 пазіцыю з Маскоўскім энергетычным інстытутам (Тэхнічным універсітэтам).