Версія для людзей са слабым зрокам
Рус Бел Eng De Cn Es
Музей гістфака БДУ

Аб падраздзяленні

Музей з'яўляецца вучэбна-дапаможным падраздзяленнем гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яго гісторыя пачалася ў далёкія 1920-е гг. Адразу пасля адкрыцця БДУ паўстала ідэя стварэння гістарычнага музея. У сакавіку 1924 г. па ініцыятыве прафесараў М. В. Доўнар-Запольскага і С. З. Кацэнбогена быў адкрыты музей першабытнай культуры і рэлігіі. Яго наведванне было платным (са зніжкай членам прафсаюза). Прафесар Кацэнбоген стаў першым дырэктарам музея. Ужо ў снежні 1924 г. музей перавялі ў склад Камуністычнай акадэміі, але праз год вярнулі ўніверсітэту. Са снежня 1926 г. ён пераназваны ў музей гісторыі рэлігіі і атэізму. Наступнае дзесяцігоддзе яго існавання практычна не адлюстравана ў публікацыях і архіўных дакументах. Застаецца толькі меркаваць, што калекцыі музея папаўняліся матэрыяламі краязнаўчых экспедыцый БДУ. Новы этап у развіцці музея злучаны з імем дацэнта кафедры гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў В.І. Шаўчэнка, які ўлетку 1939 г. у якасці выканаўцы абавязкаў загадчыка гісторыка-археалагічным музеем быў накіраваны ў музеі поўдня СССР з мэтай папаўнення фондавых калекцый. Адначасова ён кіраваў археалагічнай практыкай студэнтаў гістарычнага факультэта ў Херсанесе (Крым). У лютым 1940 г. адбылося адкрыццё гісторыка-археалагічнага музея, які атрымаў з Дзяржаўнага Эрмітажа копіі прадметаў антычнага мастацтва, а таксама калекцыю старажытнагрэчаскіх, старажытнарымскіх і візантыйскіх манет. Нажаль, вайна не пашкадавала музей. Яго калекцыі былі разрабаваны ці загінулі ў пажары. Захавалася толькі нязначная частка даваеннага збору. У 1948 г. падчас капітальнага рамонту ў будынку біялагічнага факультэта (цяпер геафак) былі выяўлены экспанаты па гісторыі старажытнага свету. Ізноў у Эрмітажы былі замоўлены копіі статуй, ваз і барэльефаў. У будынку біяфака ў тым жа годзе была адкрыта экспазіцыя антычнай культуры і археалогіі. З пачатку 1950-х гг. пачынаецца мэтанакіраваны збор матэрыялаў па гісторыі БДУ. У 1951 г. у музеі адкрываецца выстава, прысвечаная 30-годдзю ўніверсітэта. У наступныя некалькі гадоў пра дзейнасць музея амаль нічога невядома. Ужо ў канцы 1950-х гг. аднаўляецца папаўненне калекцый музея беларускімі матэрыяламі. Праводзяцца этнаграфічныя і археалагічныя экспедыцыі. У 1959 г. да 25-годдзю гістарычнага факультэта пры кафедры гісторыі БССР адкрываецца абноўлены гісторыка-археалагічны музей. У 1964 г. ствараецца нумізматычны кабінет, які на той момант практычна не меў аналагаў у ВНУ СССР.

У 1970-е гг. акцэнт у дзейнасці музея зноў перамяшчаецца на збор матэрыялаў па гісторыі БДУ: у 1971 г. адкрываецца пакой падарункаў, а ў 1977 г. па ініцыятыве рэктара В.М. Сікорскага адкрываецца аддзел гісторыі ўніверсітэта. Тым не менш, археалагічная, этнаграфічная і нумізматычная калекцыі музея працягваюць рэгулярна папаўняцца. Гэтаму спрыяе, у першую чаргу, актыўная дзейнасць супрацоўнікаў створанай у 1973 г. кафедры археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гістарычных дысцыплін.

Апошняе дзесяцігоддзе ХХ стагоддзя стала часам нялёгкіх выпрабаванняў для музея. У сувязі з пераездам гістарычнага факультэта ў будынак на вул. Чырвонаармейскай, музей у 1993 г. быў раздзлены на 2 часткі. З 1995 г. асобна існуюць музей гісторыі БДУ і вучэбны музей гістарычнага факультэта (афіцыйна - навучальная лабараторыя музейнай справы). Апошні складаецца з аддзелаў археалогіі, этнаграфіі, антычнай культуры і Старажытнага Ўсходу, а таксама нумізматычны кабінет. У снежні 2007 г. адбылося адкрыццё новай археалагічнай экспазіцыі.

На аснове музейных калекцый арганізавана вучэбная і навукова-даследчая дзейнасць студэнтаў, якія пішуць курсавыя і дыпломныя работы. Тут жа студэнты праходзяць музейную практыку. Таксама ў музеі праводзяцца вучэбна-практычныя заняткі па прадметах "Археалогія Беларусі", "Нумізматыка Беларусі", "Этналогія", "Гісторыя матэрыяльнай культуры Беларусі", "Культура старажытнага свету".

Акрамя гэтага, беларускія і замежныя навукоўцы маюць магчымасць выкарыстоўваць матэрыялы музея для сваіх даследаванняў. У першую чаргу, гэта датычыцца найбагацейшай археалагічнай калекцыі.

Акрамя пастаянных экспазіцый, музей праводзіць часовыя выставы, якія адпавядаюць тэматыцы мерапрыемстваў, якія праводзяцца на факультэце. У апошні час былі арганізаваны выставы прысвечаныя вайне 1812 года ў Беларусі, юбілею Кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін, 125-годдзю першага рэктара БДУ В.І. Пічэты, 70-годдзю гістарычнага факультэта БДУ, 100-годдзю са дня нараджэння Ф. М. Нячая. У 2010 г. пасля рэканструкцыі быў адкрыты нумізматычны кабінет.

Музей праводзіць экскурсіі па папярэдняй дамоўленасці для арганізаваных груп.

Час экскурсійнага абслугоўвання:
Панядзелак - пятніца: 11.00-17.00
Субота: 10.00-12.00

Адрас:
220030, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск, вул. Чырвонаармейская, д. 6, 4-й паверх
Тэлефон для кантактаў: (+375 17) 227 42 44

Загадчык лабараторыі
Сідаровіч Віталь Міхайлавіч
тэл.: 227-42-44
адрас: г Мінск, Чырвонаармейская, 6, к. 47
© Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт
Пры капіяванні матэрыялаў спасылка на сайт абавязковая. Ўсе правы абаронены.